НЕРАЎНАВА́ЖНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы і статыстычнай фізіцы,
фізічны працэс, які ўключае нераўнаважныя станы. Напр., устанаўленне раўнавагі (тэрмадынамічнай ці статыстычнай) у ізаляванай сістэме, якая знаходзіцца ў нераўнаважным стане. З’яўляецца неабарачальным працэсам і выклікае павелічэнне энтрапіі ў сістэме.
Калі ў ізаляванай сістэме існуюць неаднароднае поле т-р, градыенты канцэнтрацый і скорасцей упарадкаванага руху часцінак, то выкліканыя імі Н.п. цеплаправоднасці, дыфузіі, вязкага трэння будуць садзейнічаць выраўноўванню значэнняў тэрмадынамічных параметраў у розных частках сістэмы і ўстанаўленню раўнавагі. У неізаляваных сістэмах Н.п. могуць працякаць стацыянарна (без змен фіз. станаў сістэмы, напр., цеплаперадача пры пастаяннай рознасці т-р за кошт цеплаправоднасці).
т. 11, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)